![]() | Абмеркаванне праблем укаранення АА ў школе |
16 сакавіка 2013 г. адбылася чаканая агульная сустрэча ўсіх удзельнікаў ДН – студэнтаў, ментараў, арганізатараў. У госці да нас завіталі трэнеры-калегі з Польшчы – гісторык Ёана Соцька з Варшавы і матэматык Ганна Монка з Беластоку. Цяжкім выпрабаваннем для ўсіх стаў моцны снегапад, што абрынуўся 15-16 сакавіка на Беларусь. Шмат хто з калегаў проста не змог выехаць са сваіх гарадоў і мястэчак- аўтатранспарт ў гэтыя дні быў паралізаваны. Больш пашанцавала тым, хто меў магчымасць выбрацца ў дарогу па чыгунцы, гэты від транспарту аказаўся больш устойлівы перад стыхіяй. Сустрэча пачалася з вітання-знаёмства. Многія з нас наяве ўбачыліся і пазнаёміліся ўпершыню, дасюль мелі зносіны толькі віртуальныя. Потым госці з Польшчы далі беларускім калегам майстар-класы па методыцы АА на практыцы. Спадарыня Ганна правяла ўрок па матэматыцы па тэме “Аперацыі з мноствамі”, а Ёана па гісторыі – “Вялікі геаграфічныя адкрыцці”, беларускія ж настаўнікі на гадзіну ператварыліся ў вучняў. Пасля гэтага ўрокі былі грунтоўна абмеркаваны і прааналізаваныя. Калегі-беларусы вельмі высока ацанілі ўзровень праведзеных майстар-класаў, гаварылі, што менавіта такіх практычных заняткаў нам вельмі не хапае пры асваенні АА на дыстанцыйным курсе. Галоўнай жа мэтай канферэнцыі было абмеркаванне праблемаў укаранення методыкі Актыўная ацэнка ў школе ў працэсе дыстанцыйнага навучання, пошук шляхоў іх развязання. Метадам мазгавога штурму былі вылучаныя восем найбольш вострых, на думку настаўнікаў, праблемаў. 1. Дзе знайсці час для карэкцыі ведаў? 2. Ці варта пісаць пісьмовую зваротную сувязь кожнаму вучню? 3. Як і дзе знаходзіць ключавыя пытанні да ўрокаў? 4. Як знайсці аднадумцаў па АА? 5. Як вырашыць праблему накапляльнасці адзнакаў пры працы па АА? 6. Як працаваць з бацькамі, каб зрабіць іх саюзнікамі? 7. Як абменьвацца вопытам з калегамі пры ўкараненні АА? 8. Як пераканаць вучняў у каштоўнасці найперш ведаў, а не адзнак? Кожная з праблемаў абмяркоўвалася ў групах, калегі прапанавалі і ўласнае разуменне шляхоў іх вырашэння. Матэрыялы канферэнцыі размяшчаем на сайце. Удзельнікі ДН станоўча ацанілі методыку АА – яны пераканаліся на ўласным вопыце, што гэта сістэма працуе, хаця і патрабуе ад настаўнікаў вялікіх намаганняў, змянення звыклых стэрэатыпаў. Калегі ўпэўненыя, што будучыня нашай школы немагчымая без Актыўнай ацэнкі і яны радыя, што сталі першымі ў Беларусі настаўнікамі, каму выпала шчасце вывучаць і ажыццяўляць гэтую справу.
(Edited by Кіраўнік курса Тамара М. - original submission Нядзеля 17 Сакавік 2013 11:21 ) |