![]() | Рэфлексіўныя нататкі | ||||||
Рэфлексіўныя нататкі паводле чарговага этапа дыстанцыйнага навучання актыўнай ацэнцы Мікалай Запрудскі, Алена Радзевіч Справаздачы ўдзельнікаў дыстанцыйнага курса па першаму, другому і трэцяму модулях сведчаць аб высокім вашым, паважаныя калегі, прафесіяналізме і неабыякавасці, аб зацікаўленасці ў выкарыстанні актыўнай ацэнкі, аб першых поспехах і праблемах у прымяненні дадзенай стратэгіі навучання. Было цікава чытаць пра станоўчае стаўленне вашых вучняў да АА, пра высновы, якія вы робіце пасля першых спробаў у вызначэнні мэты на мове вучняў, крытэрыяў ацэнкі. Уражвае, наколькі прафесійная і карэктная размова ідзе на форумах! Ужо можна сказаць, што наша агульная справа атрымалася.
Поспеху спрыяе і тое, што нам прадстаўлена дасканалая платформа, якая дае шырокія магчымасці для ўзаемін, узаеманавучання і самаацэнкі, дае кожнаму зваротную сувязь і надзейна працуе.
Днямі адбылася ўжо другая сустрэча арганізатараў дыстанцыйнага курса і ментараў. Была вельмі карысная размова, якая дапамагла зверыць нашы пазіцыі, удакладніць спрэчныя моманты, падзяліцца ўражаннямі, сваімі і вашымі, калегі, метадычнымі знаходкамі.
Падчас нашага семінару мы, у прыватнасці, абмеркавалі прынцыповыя пытанні, якія, на наш погляд, у найбольшай ступені праявіліся ў справаздачах і каментарах да іх: 1. Як пазбегнуць дубліравання ў вызначэнні і прадстаўленні ў планах урокаў элементаў АА: мэты, мэты на мове вучняў, наштобузу? А можа і добра, калі ёсць такое дубліраванне? 2. Як быць з выхаваўчай і развіццёвай мэтай? Якое тут месца павінна быць у задач урока? 3. Ці не зніжае магчымасці для творчасці дакладнае вызначэнне мэты на мове вучняў і наштобузу? 4. Серыя пытанняў пра настўніцкія каментары да прац вучняў: Ці будзе вучань з пасрэднай паспяховасцю належным чынам рыхтавацца да ўрокаў, ведаючы, што дрэннай адзнакі ён не атрымае? Што можна зрабіць, каб вучань належным чынам рыхтаваўся да ўрокаў, звяртаў увагу на настаўніцкі каментар і імкнуўся выпраўляць сваю работу, нават, калі ён будзе ведаць, што да бліжэйшай праверачнай работы не будзе атрымліваць адзнак? Як быць, калі дзеці жадаюць атрымаць адзнакі кожны урок?!!
Засяродзім увагу на першым пытанні. Для пачатку звернемся да азначэння паняцця “мэта” у слоўніку. Мэта — ідэальны або рэальны прадмет свядомага або несвядомага імкнення суб’екта, канчатковы вынік, на які спецыяльна скіравана дзейнасць. Значыць, настаўніку патрэбна, запісваючы мэту ўрока, указваць на той вынік, які плануецца атрымаць: пэўныя веды і ўменні вучняў. Гэта сапраўды важна, бо з’яўляецца для педагога арыенцірам дзейнасці. Калі ж мы запісваем мэты з дапамогай дзеясловаў: паўтарыць, даказаць, сфарміраваць, стварыць умовы, пазнаёміць і г.д., то гэта ёсць толькі ўказанне на намеры настаўніка, на тое, што ён сам збіраецца рабіць на ўроку. У такіх выпадках мы часта бачым, што педагог працуе (паўтарае, знаёміць, фарміруе…), а вучні не праяўляюць актыўнасці. Больш таго, запіс мэты праз дзеянні настаўніка носіць выключна фармальны характар, бо пры яе адсутнасці на ўроку нічога не зменіцца.
Калі ж мэта запісана праз плануемы вынік, то педагог пры падрыхтоўцы да ўрока думае не што сам будзе рабіць, а што павінны будуць рабіць вучні каб дасягнуць канкрэтна і дыягнастычна зададзенай мэты, а на ўроку ён арганізуе адпаведную іх дзейнасць. Што значыць дыягнастычна зададзеная мэта? Гэта такое яе заданне, калі мэта з’яўляецца сродкам вымярэння, высвятлення ступені яе ж дасягнення.
Прывядзем варыянты дыягнастычнага апісання настаўнікам навучальнай мэты ўрока: · к заканчэнню ўрока вучні будуць ведаць… (правіла, дату, формулу, азначэнне і г.д.); будуць умець… (пералічваць, узнаўляць, прыводзіць прыкладаы, тлумачыць сэнс і да т.п.), · вучні змогуць, напрыклад, - рашыць задачу тыпу (указваецца нумар), - выканаць тэст (дадаецца), - скласці дыялог (настаўнік сам добра прадстаўляе патрабаванні да яго), - разабраць сказ па часцінах мовы, - правільна запоўніць контурную карту і г.д..
Прыведзеныя варыянты даюць магчымасць напрыканцы ўрока настаўніку ўбачыць і ацаніць ступень дасягнення мэты кожным вучнем з дапамогай праверачных заданняў (пажадана адзін варыянт), якія атрымаюць усе вучні.
Многія педагогі справядліва лічаць, што ўрок будзе эфектыўным, калі мэты вучняў супадаюць з мэтай настаўніка. Калі з гэтым пагадзіцца, то пералічаныя вышэй варыянты могуць быць запісаны для вучняў на дошцы, на экране, або на аркушы паперы, але павінна быць іншай форма дзеяслова -- ад першай асобы: я буду ведаць, я буду ўмець, я змагу (далей пералічваецца, што буду ведаць, умець, змагу). · настаўнік сам прапаноўвае мэту на мове вучняў. Гэты варыянт найбольш падыходзіць, калі вучні матываваныя, калі настаўнік харызматычны, калі складаная тэма і дзецям самім складана вызначыць мэты для сябе. Пры гэтым дзейнасць вучняў будзе, хутчэй, выключна выканальніцкай; · напачатку ўрока арганізуецца індывідуальная, у парах, або групавая работа па вылучэнню асабістых мэтаў. Напрыклад, такое адбываецца, калі настаўнік гаворыць вучням: “Паглядзіце назву тэмы ўрока. Як вы напрыканцы яго даведаецеся, што тэму засвоілі?”. Вучні называюць пэўныя аспекты, якія становяцца прадметам навучання. Такі варыянт павышае матывацыю вучняў і ён падыходзіць, калі вывучаецца вучэбны матэрыял, які мае тыповую структуру: фізічны закон, кіслата па хіміі, геаграфія краіны і г.д. Гэтыя структурныя кампаненты ведаў, як вядома, вывучаюцца па пэўнаму алгартыму. Самастойнае вызначэнне мэты спрыяе ажыццяўленню не толькі выканальніцкай дзейнасці, але і пераўтваральнай; · педагог запісвае сваю мэту (у пазначаным вышэй варыянце) і прапануе пагадзіцца з ёй або ўнесці пэўныя карэктывы; · настаўнік прапануе вучням выбраць для сябе мэту з прыведзенага спісу. Выбар стварае ўмовы для павышэння іх адказнасці і пазнавальнай актыўнасці і інш..
Вельмі істотна, каб мэта на мове вучняў была ўвесь урок перад вачамі дзяцей, каб можна было арганізоўваць сітуацыі ацэнкі вучнямі таго, як яны набліжаюцца да мэты, ажыццяўляць неабходную карэкцыю і вызначацца на змест і характар далейшай працы. Мэта на мове вучняў можа стаць сродкам вымярэння на заканчэнні ўрока ступені яе дасягнення, што дае магчымасць ажыццяўляць карэкцыю і аптымізаваць змест хатняга задання.
Пры вельмі канкрэтным апісанні мэты на мове вучняў, напрыклад, я змагу скласці з аднакласнікам дыялог з васьмі сказаў з правільным прымяненнем наступных лексічных адзінак (указваюцца) і з дзеясловамі ў мінулым часе, няма патрэбы ў наштобузу. Пры недастатковай канкрэтызацыі мэты настаўніка і мэты на мове вучняў узнікае неабходнасць у гэтым элеменце актыўнай ацэнкі.
Наштобузу мы разумеем як пералік крытэрыяў ацэнкі або поспеху. Як адзначыў нехта з удзельнікаў нашага праекта, -- гэта кантракт паміж вучнем і настаўнікам на дадзены ўрок. Калі мэта фармуліруецца на ўвесь урок, то гэты элемент можа вызначацца яшчэ і на тэму, на пэўны этап урока, для класнага або дамашняга задання для вучняў, для выніку працы і да працэсу дзейнасці. Па змесце (а не па форме прадстаўлення) наштобузу можа паўтараць мэту на мове вучняў, а можа яе канкрэтызаваць.
Настаўнік наштобузу фармуліруе ў кантэксце мэты з дапамогай, напрыклад, наступных клішэ: · я буду звяртаць увагу на … (напрыклад, на паўнату выкананага задання, на дакладнасць азначэнняў, на тое, ці выкарысталі вы дадзеныя, атрыманыя ў доследзе, ці зможаце вы назваць тры галоўныя прычыны, на правільнае ўжыванне тэрмінаў і г.д.); · я буду назіраць і адзначаць, як вы працуеце ў групе (ці размеркавалі абавязкі, ці ўсе працавалі, ці ўмееце вы слухаць адзін аднаго і г.д.); · мяне будзе асабліва цікавіць у вашай рабоце тое, як вы прымяняеце правіла, наколькі акуратна вы будуеце графік і інш; · вы працуеце, а я буду ўважліва назіраць як вы набліжаецеся да мэты, якую вызначылі для сябе. Калі патрэбна, буду дапамагаць. і да т.п..
Прыклады
1. Тэма ўрока “Беларускі алфавіт Гукі і літары беларускай мовы”. Мэта настўніка: мяркую, што вучні да заканчэння ўрока будуць ведаць паслядоўнасць і колькасць літар у алфавіце, колькі ў алфавіце галосных і зычных гукаў і што яны абазначаюцьі; змогуць патлумачыць, чаму ў Полацку стаіць помнік літары Ў, што такое кірыліца і лацінка, распавесці пра практычнае выкарыстанне алфавіта; ведаць розніцу паміж літарай і гукам.
Мэта на мове вучняў: 1) буду ведаць што такое алфавіт, паслядоўнасць і колькасць літар у ім; 2) буду ведаць розніцу паміж літарай і гукам, 3) буду ведаць колькасць літар, якія абазначаюць галосныя гукі і зычныя гукі; 4) вывучу алфавіт напамяць і буду правільна называць літары; 5) даведаюся, чаму літары Ў пастаўлены помнік у Полацку; 6) буду ведаць, што такое кірыліца і лацінка; 7) змагу расказаць, навошта ведаць алфавіт.
Наштобузу: у дадзеным выпадку мэта на мове вучняў вызначана настолькі канкрэтна, што няма патрэбы ў наштобузу. Настаўнік можа сказать, што напрыканцы ўрока ў яго і ў саміх вучняў будзе магчымасць убачыць, ці дасягнулі яны мэты.
2. Тема урока: “Геоэкологические проблемы Беларуси”. Цель учителя: учащиеся смогут пояснить понятие “экологическая проблема”, обозначить региональные и локальные геоэкологические проблемы, рассказать, в чем они заключаются и каковы пути их решения. Цель на языке учеников: вы будете знать, какие экологические проблемы существуют в нашей стране, в частности, в Могилёве, сможете объяснить причины их появления и будете знать, чем они опасны для человека и как их предотвратить. Наштобузу: при оценке уровня усвоения материала темы я буду (и вы будете) обращать внимание на: * полноту заполнения таблицы:
* то, насколько правильно на контурной карте Беларуси обозначены районы бедствий; * то, как вы понимаете свой возможный личный вклад в решение одной из проблем.
Наштобузу для домашнего задания: В качестве домашнего задания были даны темы сообщений ( “Загрязнение атмосферы в Могилёве”, “Загрязнение Днепра”, “ Накопление и утилизация бытовых отходов в Могилёве”). Это задание творческое, поэтому выполняется по желанию. На доске рядом с названиями тем были написаны моменты, которые должны быть обязательно освещены в сообщении: · суть проблемы, · экологический аспект проблемы, · экономический аспект проблемы, · возможные пути решения проблемы.
3. Тэма урока: “Расія ў 1905-1917 гг. ( 9клас)” Мэта настўніка: К заканчэнню ўрока вучні: * будуць ведаць, чаму ў Расіі адбыліся буржуазна-дэмакратычныя рэвалюцыі, * будуць ведаць асноўныя падзеі рэвалюцыі 1905-1907 гг., * адкажуць на пытанне “ Ці магчыма было пазбегнуць Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.?” * назавуць вынікі буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый у Расіі, * змогуць вызначыць праблемы, якія засталіся нявырашанымі ў ходзе рэвалюцый і спрагназаваць далейшую палітычную сітуацыю (звычайна вучні адказваюць, што, паколькі засталіся праблемныя пытанні, то патрэбна яшчэ адна рэвалюцыя або рэформы), * змогуць ацаніць значэнне рэвалюцый для далейшага лёсу Расіі і нашай краіны. Наштобузу: 1. Веданне дат буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый ў Расіі і іх прычыны (не менш чатырох). 2. Веданне, як адбывалася рэвалюцыя 1905-1907 гг. (4 падзеі). 3. Веданне асаблівасцей мэтаў палітычных лагераў. 4. Уменне назваць два найбольш важныя вынікі кожнай з рэвалюцый. 5. Уменне даказаць, што рэвалюцыі не дабіліся ўсіх пастаўленых мэт і зрабіць адпаведныя высновы аб далейшым развіцці палітычнай сітуацыі ў Расіі.
Ёсць варыянты давядзення вучням наштобузу: · настаўнік вусна або пісьмова паведамляе вучням, на што будзе звяртаць увагу ў працы вучняў і яе выніках; · настаўнік выдае вучням не толькі класныя або дамашнія заданні, але і адпаведныя крытэрыі ацэнкі, аформленыя ў выглядзе памяткі; · вучні па просьбе настаўніка дапамагаюць яму стварыць наштобузу (калі яны маюць мэту на іх мове, то могуць гэта зрабіць).
Калі наштобузу будуць мець бацькі вучняў, то гэта іх рэальна можа ўключыць у кантрольна-ацэначную дзейнасць.
Такім чынам: 1) навучальную мэту вызначае настаўнік праз плануемы вынік урока; 2) настаўнік, вучні або вучні з дапамогай настаўніка вызначаюць уласную мэту, якая запісваецца на дошцы або іншым чынам даводзіцца да вучняў; 3) калі мэта на мове вучняў недастаткова канкрэтная, то фармулюецца наштобузу, якое вызначае настаўнік (іншы раз з дапамогай вучняў). Гэты пералік дакладных і канкрэтных крытэрыяў абавязкова даводзіцца да вучняў.
Цяпер звернемся да другога пытання: “Як быць з выхаваўчай і развіццёвай мэтамі? Якое тут месца павінна быць у задач урока?” Сапраўды, існуе патрабаванне аб “триединой цели”. У гэтым ёсць рацыя, бо на ўроку, як вядома, паралельна ідуць тры працэсы: навучанне, выхаванне і развіццё. Навучальную мэту на ўрок сфармуліраваць проста: пералічыць веды і дзеянні, якімі будуць валодаць вучні. На заканчэнні ўрока і настаўнік, і вучні змогуць ацаніць, наколькі яны дасягнулі мэты, убачыць, чаму радавацца і над чым працаваць далей. Выхаваўчую і развіццёвую мэты нельга вызначыць на ўрок, бо яе ў прынцыпе нельга апісаць, яна носіць верагоднасны характар і нельга вымераць ступень яе дасягнення. Таму гэтыя мэты вызначаюцца праз ідэальнае, прагнознае прадстаўленне аб выпускніку, якое можа быць аформлена з дапамогай адпаведнай кампетэнтнаснай мадэлі.
Тут да месца звярнуцца да задач. Задача па азначэнню – гэта тое, што патрэбна зрабіць каб дасягнуць мэты. Калі ў мадэлі выпускніка адзначана даследчая кампетэнцыя, то задача на ўрок можа быць такой: спрыяць развіццю даследчых уменняў вучняў; калі адзначана кампетэнцыя самаацэнкі, то задача можа быць вызначана так: садзейнічаць развіццю здольнасці да самаацэнкі і г.д. Пры гэтым задачы вызначаюцца, калі адпаведных кампетэнцыяў пакуль бракуе ў вучняў. У многіх выпадках мае значэнне тэма ўрока. Выхаваўчыя і развіццёвыя задачы, канечне, не патрэбна паведамляць вучням.
Для першага з прыведзеных вышэй прыкладаў задачы выхавання і развіцця могуць быць наступнымі: · спрыяць выхаванню павагі і цікавасці да роднай мовы, · садзейнічаць развіццю ў вучняў памяці і ўважлівасці.
Што тычыцца навучальнай задачы, то яна можа быць вызначана на кожны этап урока, напрыклад, на дыягнастычны этап – ажыццявіць дыягностыку валодання вучнямі апорнымі ведамі. Навучальныя задачы, на наш погляд, не трэба запісваць у плане ўрока і няма патрэбы даводзіць да вучняў. Яны самі сабе іх могуць вызначыць адпаведна мэты і настаўніцкага наштобузу.
Трэцяе пытанне: ці не зніжае магчымасці для творчасці дакладнае вызначэнне мэты на мове вучняў і наштобузу? І так, і не так. Дакладнае вызначэнне мэты (а наштобузу можна разумець як сродак канкрэтызацыі мэты) сапраўды можа зрабіць дзейнасць выключна выканальніцкай – вучні нічога новага, магчыма, не створаць. Але ж яны могуць праявіць творчасць у пошуку і прымяненні сродкаў для дасягнення мэты, калі гэтыя сродкі ім не навязваюцца.
Калі крытэрыі да настаўніцкіх заданняў задаюцца не жорстка (што зразумела для ўрокаў гуманітарных: літаратуры, гісторыі, музыкі), то ў вучняў застаецца шмат свабоды для праяўлення і развіцця сваёй крэатыўнасці.
Пра серыю пытанняў адносна трэцяга модуля. Яны выклікалі супярэчлівыя разважанні, хваляванні і нават няўпэўненасць у карысці той справы, якую мы робім. І гэта зразумела, бо тут ў значнай ступені педагогам прыходзіцца істотна змяняць свой звыклы стыль выкладання і ацэньвання.
Дакладна тое, што немагчыма даць адзіны рэцэпт, які дазволіць тут пазбегнуць праблем і цяжкасцей. Былі наступныя меркаванні: -- Не ўсё так дрэнна, як здаецца, спачатку заўсёды цяжка. На ўласным вопыце ўпэўнілася, што справядліва прымаўка: "вада камень точыць". Каб набыць прыхільнікаў, прыводзьце аргументаваныя доказы, а аўтарытэт настаўніка зробіць іх больш важкімі. -- А кто сказал, что в нашей профессии легко?! Действительно, нам часто приходится преодолевать много препятствий - и администрацию, и родителей, и ..., и порой даже СЕБЯ!!! Но то, что нас заставляет неизменно двигаться вперёд - дети! Не отчаивайтесь! Не дайте возможность ВРЕМЕННЫМ проблемам взять над Вами верх! Поверьте, наступят переломные моменты и в сознании детей, и их родителей, и администрации. Проявите ТЕРПЕНИЕ и УПОРСТВО.
Паважаныя ўдзельнікі дыстанцыйнага навучання, пакуль вы працягваеце выкананне заданняў трэцяга модуля, звярніце ўвагу на адзначаныя пытанні; паспрабуйце на іх адказаць на падставе рэфлексіі вашага вопыту напісання каментараў да вучнёўскіх работ.
На заканчэнне скажам так: любыя інавацыі пачынаюцца з намераў і рашучасці змяніць сябе. Павярхоўных пераменаў дасягнуць няцяжка: перакроіць план урока гэтак жа лёгка, як надзець іншае адзенне або перафарбаваць валасы. А вось больш глыбокія змены - справа зусім іншая. Цяжка змяніць звыклыя метады ацэньвання. Цяжка перагледзець мэты, дзеля якіх мы выкладаем, або нашу звыклую манеру выкладання матэрыялу. Тым не менш, калі мы разлічваем дасягнуць глыбокіх і ўстойлівых змяненняў у нашых вучнях і ў грамадстве ў цэлым, мы павінны быць гатовыя карэнным чынам змяніць уласныя настаўніцкія звычкі і напрацаваныя метады навучання. А гэта зусім няпроста…Таму МЫ РАЗАМ З ВАМІ!
Пры падрыхтоўцы артыкула мы выкарысталі некаторыя фрагменты справаздачаў і каментароў да іх. Дзякуй Юрасю Каласоўскаму, Наталлі Шаршнёвай і Іне Шымко. (Edited by Адміністратар сайта - original submission Субота 2 Люты 2013 05:28 ) |
![]() | Re: Рэфлексіўныя нататкі |
Дзякуй вялікі за такое абагульненне. Сапраўды, трэба рабіць такія высновы пасля кожнага модуля! |
![]() | Re: Рэфлексіўныя нататкі |
Мікалай Іванавіч і Алена Уладзіміраўна! Вялікі дзякуй за нататкі: вывучаю і буду карыстацца. |
![]() | Re: Рэфлексіўныя нататкі |
Спасибо большое за содержательное подведение итогов и поддержку! Удачи всем! |